30 лістапада 2023 года на эканамічным факультэце ўстановы адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт” адбыўся рэгіянальны студэнцкі навукова-практычны семінар “Кахання сад і ластаўка вясны …”, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц, беларускай паэтэсы, перакладчыцы, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы.
Прывітальнае слова загадчыка кафедры лінгвістычных дысцыплін і міжкультурных камунікацый, дацэнта Рахубы В.І., дацэнтаў Самуйліка Я.Р., Заіка З.М. стварыла атмасферу даверу і роздуму пра творчую спадчыну паэткі, што адлюстроўвае агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці.
Навуковае мерапрыемства распачалося відэапрэзентацыямі “Слова Ніла Гілевіча пра Яўгенію Янішчыц” і “Яўгенія Янішчыц: вядомыя
і невядомыя старонкі з жыцця і творчасці”. Затым увазе гледачоў быў прапанаваны відэафільм “Неўміручая зорка на небасхіле Беларусі”. Аўтар: Субат У.П., лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны журналіст Беларусі.
У працы канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі, студэнты
і магістранты як нашай навучальнай установы, так і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Усяго было прачытана 30 дакладаў (з іх 20 – навучэнцамі нашага ўніверсітэта), у якіх асвятляліся жыццёвы і творчы шлях Яўгеніі Янішчыц, тэма кахання, хараства палескай прыроды, вобраз маці,
сямейныя каштоўнасці, фальклорныя матывы, звярталася ўвага на мастацкую дасканаласць лірыкі паэткі.
Рэгіянальны студэнцкі навукова-практычны семінар “Кахання сад
і ластаўка вясны …” стаў значнай падзеяй у навуковым жыцці нашага ўніверсітэта.


